ДЫСПЕРСІ́ЙНЫЯ ФІ́ЛЬТРЫ,

аптычныя прылады, якія прапускаюць параўнальна вузкі ўчастак спектра выпрамянення і прынцып дзеяння якіх заснаваны на выбіральным рассеянні святла. Існуюць Д.ф. з кампанентаў крышталь—вадкасць, крышталь—паветра, а таксама з розных крышт. матэрыялаў, палімераў і інш.

Паказчыкі пераламлення 2 кампанентаў Д. ф. аднолькавыя для некаторай частаты святла ω0, таму пасля праходжання праз такую сістэму святло становіцца амаль монахраматычным (частата, блізкая да ω0). Светлавыя пучкі іншых частот (ω ≠ ω0) рассейваюцца. На Беларусі ў 1970-я г. ў Ін-це фізікі АН пад кіраўніцтвам М.А.Барысевіча распрацаваны Д. ф., двума кампанентамі якіх з’яўляюцца крышт. матэрыялы або палімеры. Д.ф. крышталь—крышталь маюць высокую мех. трываласць і кантрастнасць; спектральныя характарыстыкі ў іх стабільныя ў шырокім інтэрвале т-р, адсутнічаюць пабочныя палосы прапускання, параўнальна простая тэхналогія вырабу. Выкарыстоўваюцца ў спектраскапіі, квантавай электроніцы, плазмавай фотаметрыі, піраметрыі, біялогіі, медыцыне, астрафізіцы, метэаралогіі.

Літ.:

Борисевич Н.А., Верещагин В.Г., Валидов М.А. Инфракрасные фильтры. Мн., 1971;

Верещагин В.Г. Рассеяние излучения в средах с высокой объемной концентрацией // Распространение света в дисперсной среде. Мн., 1982.

В.Р.Верашчагін.

т. 6, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)